ТУРЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

нацыянальныя, рэгіянальныя і сусветныя, камерцыйныя і некамерцыйныя ўстановы, якія арганізоўваюць турысцкія падарожжы і садзейнічаюць развіццю турызму.

Да Т.а. належаць: фірмы, бюро. агенцтвы і інш., якія забяспечваюць падрыхтоўку і правядзенне турысцкіх падарожжаў; асацыяцыі, саюзы і інш. аб’яднанні, якія садзейнічаюць развіццю турызму на нац. і міжнар. узроўнях; дзярж. ўстановы, якія вызначаюць палітыку ў галіне турызму; міжнар. аб’яднанні, якія садзейнічаюць турысцкаму руху. Вызначаюць асн. групы Т.а., што абслугоўваюць турыстаў: якія маюць уласныя або арандаваныя сродкі турысцкага абслугоўвання (турысцкія базы і гасцініцы, рэстараны, транспарт і інш.) і прапануюць кліентам комплекс паслуг (т.зв. тураператары); пасрэдніцкія, якія прапануюць паслугі інш. турысцкіх і нетурысцкіх (напр., транспартных) арг-цый, камплектуюць асобныя паслугі (т.зв. турагенты); турысцкія клубы і інш. аб’яднанні аматараў турызму, аб’яднанні спажыўцоў турысцкіх паслуг (як правіла, грамадскія некамерцыйныя арг-цыі, якія існуюць на сродкі ад членскіх узносаў, асігнаванняў з грамадскіх і прыватных фондаў, субсідый прыватных асоб, часам — на сродкі ад уласных камерцыйных мерапрыемстваў). Першая турысцкая паездка на камерц. аснове арганізавана ў 1841 англічанінам Т.​Кукам. Турысцкія бюро з’явіліся ў краінах Еўропы ў сярэдзіне 19 ст., у Расіі — у 1880-я г. Першая міжнар. Т.а. — Міжнар. ліга турысцкіх асацыяцый — узнікла ў 1898 (Люксембург), у 1919 пераўтворана ў Міжнар. турысцкі альянс. У 1975 засн. Сусв. Т.а. (штаб-кватэра ў Мадрыдзе). якая аб’ядноўвае больш за 140 краін.

На Беларусі арг-цыяй, якая займаецца вызначэннем дзярж. палітыкі ў адносінах да турызму, з’яўляецца Мін-ва спорту і турызму. У 1962 створаны Рэсп. савет па Т. і экскурсіях (раней — Бел. турысцка-экскурсійнае ўпраўленне); у яго структуру ўваходзілі абл. саветы, бюро падарожжаў і экскурсій і інш. Федэрацыя турызму засн. ў 1977, з 1991 — Федэрацыя спарт. турызму. Рэсп. турысцка-спарт. саюз існуе з 1991. У 1973 створана Кантрольна-выратавальная служба, у 1991 ператворана ў Рэсп. турысцкі аператыўна-выратавальны цэнтр. З канца 1940-х г. працуюць Рэсп. і абл. станцыі юных турыстаў. Сучасная (2001) структура дзіцяча-юнацкага турызму складаецца з Рэсп., 6 абл. і Мінскага гар. цэнтра, каля 50 раённых і гар. цэнтраў, станцый і баз юных турыстаў.

У.​І.​Ганапольскі.

т. 16, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)